3rd
3rd truth

Калі нам не дастаткова ведаць факты і даты, калі нам не дастаткова белага і чорнага колеру, калі мы хочам убачыць у гісторыі Чалавека, мы шукаем Трэцюю праўду.

Агульнае

Трэцяя праўда – гэта асветніцкая праграма, якая ставіць сваёй мэтай паглядзець на гісторыю Другой сусветнай вайны вачыма простых беларусаў, людзей, якія не хацелі гэтай вайны, але вайна прыйшла да іх. Калі нечалавечыя абставіны прымушалі чалавека не рабіць выбар на карысць нейкай ідэалогіі, а выбіраць паміж чалавечным і бесчалавечным, паміж правільным і неправільным, паміж дабром і злом.

У межах праграмы быў створаны дакументальны фільм “Трэцяя праўда”, у якім сабраныя успаміны жывых сведкаў вайны, людзей, якія жывуць у розных рэгіёнах Беларусі і перажылі усе жудасці такго часу не са зброяй у руках, а працягваючы жыць у сваіх хатах, людзей, якія бачылі дабро і зло ў розных абліччах.

Асобнай часткай праграмы ёсць ролевыя гульні жывога дзеяння, у якіх робіцца спроба рэканструяваць жыццё невялікай беларускай вёскі падчас акупацыі 1943 года. Мэта такой гульні не толькі ў тым, каб узнавіць складаную ваенную і палітычную сітуацыю таго часу на гэтай тэрыторыі, але і ў тым, каб даць магчымасць маладым людзям перажыць поўнасцю ўсе складанасці ваеннага часу, пераканацца ў тым, што заствацца мужным у крытычных сітуацыях – гэта нашмат складаней, чым чытаць аб гэтым у падручніках па гісторыі.

Удзельнікамі праграмы былі створаныя арт-аб’екты , якія адлюстроўвалі іх асабісты вопыт перажывання асобных аспектаў гэтай тэмы. У гэтых творах знаходзяць сваё адлюстраванне такія тэмы, як мужнасць, жанчына на вайне, чалавечнасць, адказнасць. Выстава арт-аб’екатаў адбылася ў лютым 2009 года і за адзін дзень яе наведала больш 50 маладых людзей.